«Цяпер усе захаваныя сьляды і доказы будуць дасьледаваць экспэрты розных спэцыяльнасьцяў. Працягваюцца таксама іншыя доказавыя дзеяньні ў гэтай справе», — паведаміла агенцтву PAP сьпікерка акруговай пракуратуры ў Любліне Агнешка Кэмпка.
Паводле яе, у сьледчыя дзеяньні былі залучаныя прыблізна 150 чалавек.
Раней кіраўнік акруговай пракуратуры ў Любліне Гжэгаж Трусевіч заяўляў, што на поле ўпаў «вялікі вайсковы бесьпілётнік», на рухавіку якога былі надпісы, «імаверна, на карэйскай мове». У выніку выбуху дрону ўтварыўся кратэр дыямэтрам 5-6 мэтраў і глыбінёй прыблізна 50 сантымэтраў.
Падчас агляду знайшлі аскепкі корпусу і дробныя плястыкавыя элемэнты, мэталічныя фрагмэнты, рухавік з пашкоджаным прапэлерам і элемэнты сілавых прыладаў. Таксама знайшлі некалькі дзясяткаў мэталічных кулек.
Інцыдэнт у полі пад Люблінам
Увечары 19 жніўня ў вёсцы Асіны ў Люблінскім ваяводзтве Польшчы нешта ўзарвалася, у выніку выбітыя вокны і пашкоджаныя дзьверы адной з пабудоваў.
У Асінах на незабудаванай тэрыторыі супрацоўнікі знайшлі мэталічныя і плястыкавыя элемэнты невядомага апарату.
«Пацярпелых няма. Пашкоджана разьмешчаная побач гаспадарчая пабудова (разьбітыя вокны і пашкоджаныя дзьверы). Супрацоўнікі паліцыі гарантуюць бясьпеку тэрыторыі, расьсьледаваньне ідзе пад наглядам пракурора. Вайскоўцы і адпаведныя службы апавешчаныя», — сказалі ў паліцыі.
Ад Асінаў да мяжы зь Беларусьсю каля 90 км, да ўкраінскай мяжы — больш за 100 км. Паведамленьне аб здарэньні прыйшло пасьля 2-й гадзіны ночы 20 жніўня, расказаў сяржант павятовай паліцыі Марцін Юзьвік.
Як паведамляў сайт Łuków.TV з спасылкай на высновы сваіх журналістаў, на месцы падзеньня неідэнтыфікаванага аб’екту ўтварыўся кратэр, а сярод абломкаў знойдзены прадмет, падобны на прапэлер. На відэа, апублікаваным парталам, відаць яркі сполах у начным небе, а праз імгненьне чуваць гучны выбух.
Адзін з украінскіх маніторынгавых Telegram-каналаў, які адсочвае рух расейскіх дронаў, паведаміў, што а 22:57 19 жніўня з тэрыторыі Беларусі заляцелі сама меней 2 баявыя бесьпілётнікі, якія накіраваліся спачатку на Кіеўскую вобласьць, а потым зьмянілі свой курс на Жытомірскую вобласьць.
Згодна з паведамленьнем Паветраных сіл Украіны, расейскія войскі для абстрэлаў у ноч на 20 жніўня выкарысталі 93 баявыя дроны, 62 зь іх зьбілі сілы супрацьпаветранай абароны.
Форум