18 жніўня Лукашэнку перадалі праект указу, які мусіць забясьпечыць «комплекснае рашэньне аб фінансавым аздараўленьні холдынгу „Амкадор“». Гэтае буйное прадпрыемства выпускае сельскагаспадарчыя, лясныя і будаўнічыя машыны.
У публічным доступе дакумэнт пакуль не зьявіўся. Падрабязнасьцяў таго, як дзяржава будзе фінансава аздараўляць цяпер ужо праблемнае прадпрыемства, не раскрываюць. З сакавіка гэтага году бізнэсовец Аляксандар Шакуцін больш не ўзначальвае раду дырэктараў холдынгу, прадпрыемства нацыяналізавалі і перадалі БелАЗу.
Крыху гісторыі
Утварэньне і праца ў савецкі час
Цяперашні «Амкадор» адлічвае сваю гісторыю зь 1 лютага 1927 году, калі была заснаваная фабрыка дзіцячых цацак «Адраджэньне». На фабрыцы рабілі мэблю, ровары, цацкі, дзіцячыя вазкі, скульптурныя бюсты і барэльефы.
У 1952 годзе завод перапрафілявалі, ён пачаў вырабляць будаўнічую і дарожную тэхніку: землякопныя машыны, сьнегачысты, пагрузьнікі. З 1983 году ўвайшоў у склад Менскага навукова-вытворчага аб’яднаньня «Дармаш».
Прыватызацыя і праца ў эпоху рынкавай эканомікі
У 1991 годзе завод «Ударнік» стаў адным з асноўных заснавальнікаў адкрытага акцыянэрнага таварыства «Амкадор». Гэта скарот ад назваў гарадоў, у якіх дзейнічала аб’яднаньне «Дармаш» (Андропаў — так тады называўся расейскі Рыбінск, Менск, украінскі Корасьцень, расейскі Арол) і скарачэньня «дор» (дарожнае будаўніцтва).
Першым кіраўніком «Амкадору» стаў Васіль Шлындзікаў, дырэктар «Ударніку» і аб’яднаньня «Дармаш». Ён правёў акцыянаваньне заводу — першае ў краіне, а ўласьнікамі каштоўных папераў сталі яго супрацоўнікі. Так прадпрыемства стала ў розных долях належаць сваім жа работнікам. На той час «Амкадор» перажываў «залаты век», пасьля рэформаў прадпрыемства ўстойліва функцыянавала ва ўмовах рынкавай эканомікі. Сярод іншага, адзін з філіялаў заводу зьбіраў запатрабаваныя тады аўтобусы Ikarus-280. Адзін аўтобус у цэнах на 1995 год каштаваў каля 1,1 мільярда рублёў (больш за 94 тысячы даляраў паводле тагачаснага курсу).
Кіраўнік «Амкадору» Васіль Шлындзікаў паралельна ўзначальваў Камісію эканамічнай палітыкі і рэформаў у Вярхоўным Савеце. У 1996 годзе ён перастаў кіраваць кампаніяй.
«Амкадор» пры Лукашэнку і пераход яго пад кантроль Шакуціна
«Амкадор» на пачатку 2000-х быў адкрытым акцыянэрным таварыствам, і ягоныя акцыі можна было набыць. Гэтым і скарысталіся маладыя бізнэсоўцы Аляксандар Шакуцін і Ігар Субоцін, а таксама два выхадцы з Нэпалу.
Выданьне «Наша Ніва» цытуе кнігу ўспамінаў дырэктара «Амкадору» Міхаіла Парэпкі, пры якім адбывалася зьмена ўласьніка заводу.
«Нэпальскія і беларускія „людзі з грашыма“ пачалі скупляць акцыі спачатку ў юрыдычных асобаў, прадпрыемстваў сыстэмы „Амкадор“, якія мелі па 10–12% акцыяў, а пасьля і ў фізычных асобаў, — успамінае ён. — Плацілі па $15–20 за штуку. Людзі спакусіліся магчымасцю атрымаць за акцыі грошы. Зразумела, што пралічыліся».
Так Шакуцін стаў новым старшынём рады дырэктараў, на той момант ня маючы кантрольнага пакету акцыяў.
Арганізацыя былых сілавікоў BelPol зрабіла два расьсьледаваньні аб заводзе «Амкадор». Прадстаўнік ініцыятывы Ўладзімер Жыгар мяркуе, што тая ўгода і зьмена ўласьнікаў не абышлася бязь ціску ўладаў.
«Гэта быў ціск з боку сыстэмы. Былі нейкія нэпальскія бізнэсоўцы, акцыі выкупляліся за бесцань у супрацоўнікаў прадпрыемства. Лукашэнка ўспрымаў Шакуціна як такога працавітага хлопца зь вёскі, якому трэба было аддаць нейкі добры актыў, які ён, на думку Лукашэнкі, мог бы палепшыць», — мяркуе Ўладзімер Жыгар.
Дапамога, датацыі, ільготы ад дзяржавы
Пасьля таго як Шакуцін узначаліў «Амкадор», дзяржава пачала яго падтрымліваць простымі і ўскоснымі датацыямі. У гэты ж час пачалася палітычная кар’ера Шакуціна. Бізнэсовец увайшоў у Савет Рэспублікі ў 2008 і 2012 гадах, у розныя часы ўзначальваў раду разьвіцьця прадпрымальніцтва, фэдэрацыю тэнісу, а таксама рэгулярна публічна зьяўляўся поруч з Лукашэнкам.
2006 год. Выходзіць указ «Аб спрыяньні разьвіцьцю экспарту тавараў (работ, паслугаў)», у межах якога Банк разьвіцьця выдае льготныя экспартныя крэдыты пад закуп прадукцыі пэўных беларускіх вытворцаў, у іх ліку і «Амкадору».
Пачатак 2010-х. Са згоды Лукашэнкі да «Амкадора» далучылі дзяржаўныя прадпрыемствы «БелВАР», койданаўскі «Аграмаш» і лагойскі «Эпас». Усё гэта дасталося «Амкадору» за сымбалічную суму ў 1,5 мільёна даляраў.
2015 год. Выходзіць указ «Аб фінансаваньні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталяваньня». Паводле яго пакупнікі тэхнікі некаторых прадпрыемстваў, у тым ліку «Амкадору», могуць набыць яе ў лізінг на льготных умовах.
2016 год. Лукашэнка абяцае вылучыць «Амкадору» $35-40 мільёнаў, каб выйсьці на заплянаваны ўзровень вытворчасьці.
2017–2018 гады. «Амкадор» атрымаў магчымасьць узяць у Кітаю крэдыт пад 2% гадавых пад гарантыі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь для будаўніцтва новага буйнога заводу ў Менскім раёне, але пасьля пачатку будаўніцтва адмовіўся ад плянаў, дамову аб крэдыце скасавалі.
2022 год. «Амкадор» — адзін з атрымальнікаў расейскага дзяржаўнага крэдыту. Аб’ём фінансаваньня толькі аднаго праекту ў межах гэтай падтрымкі — 12 мільёнаў даляраў. Агулам такіх праектаў тры.
У пачатку 2023 году «Амкадор» атрымаў 68 мільёнаў рублёў з інавацыйнага фонду Менскага гарвыканкаму, гэтыя грошы мусілі пайсьці на рост вытворчасьці машын на філіяле прадпрыемства ў Лагойску.
Пра пастаянную дзяржаўную падтрымку холдынгу згадвае старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
«Падтрымку прадпрыемства мела даўно, то бок гэтыя праблемы пачаліся не цяпер. Аднак да назапашаных даўгоў дадаліся эфэкты вайны і санкцыяў. Даўгі сталі расьці яшчэ болей, а дзяржава, як і раней, субсыдавала холдынг. Кампаніі холдынгу бралі крэдыты ў банках, у тым ліку за мяжой», — кажа эканамістка.
У рынкавых умовах эканомікі дзяржава б не вылучала холдынгу грошы безупынна, дадае Анастасія Лузгіна. Гэта толькі пагоршыла сытуацыю, бо ў іншым выпадку мусілі б памяняць саму сыстэму кіраваньня.
Падзеньне прыбытку і рост даўгоў
Страты пачаліся на «Амкадоры» яшчэ да ўнясеньня Аляксандра Шакуціна ў санкцыйны сьпіс ЭЗ у сьнежні 2020 году як асобы, зьвязанай з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі.
Гэта бачна з дасяжнай статыстыкі, якая расказвае аб фінансавых выніках працы прадпрыемства. У 2017 годзе ААТ «Амкадор» атрымаў чысты прыбытак у 4,3 мільёна рублёў. Гадавы рост прыбытку тады склаў 66,2%. Таксама аб прыбытку далі справаздачы і некаторыя кампаніі-дочкі:
«Амкадор-Унімод» — кампанія, якая спэцыялізуецца на вытворчасьці мастоў і гідрамэханічных перадач — плюс 164 тысячы рублёў чыстага прыбытку за 2017 год.
«Амкадор-Белвар» — кампанія выпускае электраабсталяваньне — плюс 17 тысяч рублёў.
«Амкадор-КЭЗ» — Коханаўскі экскаватарны завод — плюс 190 тысяч рублёў.
А далей пачынаюцца праблемы. У 2018 годзе ТАА «Амкадор», кіроўная кампанія холдынгу, працавала з чыстымі стратамі на 61,9 мільёна рублёў. Страты таксама зазналі «САЛЕО-Гомель», «Амкадор-Унімод», «Амкадор-Белвар».
Чыстыя страты кіроўнай кампаніі холдынгу за 2019 год склалі 43,8 мільёна рублёў, а за 2020 год — 24,2 мільёна.
Паводле BelPol, даўгі «Амкадору» на 1 студзеня сёлета — 979 мільёнаў беларускіх рублёў.
За мінулы год увесь холдынг атрымаў прыбытак 100 тысяч рублёў (г. зн. усе 27 прадпрыемстваў, зь якіх 19 заводаў). І то такі плюсавы вынік «абумоўлены інвэстыцыйнай дзейнасьцю», зьвяртаюць увагу ў BelPol з спасылкай на ўнутраныя дакумэнты.
Сёлета, паводле аб’яднаньня былых сілавікоў, холдынг мае ўжо 7,5 мільёна чыстых стратаў.
Яшчэ адна кампанія Шакуціна САЛЕО ў 2023 годзе падавала пазоў у эканамічны суд аб сваім банкруцтве. Аднак кампаніі падоўжылі пэрыяд санацыі.
Такія ж праблемы датычылі і шматлікіх замежных «дачок» «Амкадору». Напрыклад, у Літве кампанія «Amkodor Baltic», зьвязаная зь беларускім заводам, мела ў 2020 годзе даход ад продажаў 4,1 мільёна эўра, згодна зь літоўскім парталам фінансавай справаздачнасьці.
У 2022 годзе гэтая і іншыя кампаніі й актывы Шакуціна ў Літве былі замарожаныя. У выніку за 2023 год кампанія мела даход ад продажаў 14 тысяч эўра і чыстыя страты на 230 тысяч эўра. Цяпер гэтая кампанія ў Літве мае пратэрмінаваныя выплаты ў падатках, яе сайт не працуе, за апошні год у кампаніі не пазначана ніводнага супрацоўніка.
Расейская дачка беларускага «Амкадору» — «Амкодор-Онего» — працуе ў расейскай Карэліі і прадае сельскагаспадарчую тэхніку. Паводле сэрвісу фінансавай справаздачнасьці (rusprofile), кампанія мае 13 незакрытых судовых спрэчак, дзе выступае пазванай стараной, бо ня выканала абавязаньняў своечасова.
Праўда, летась кампанія паказала чысты прыбытак у 9,2 мільёна расейскіх рублёў (крыху больш за 380 000 беларускіх). Але ў параўнаньні з пазамінулым годам прыбытак упаў на 40%. Кампанія мае запазычанасьць у падатках, а таксама нізкі каэфіцыент трываласьці. Залежыць ад пазыковага фінансаваньня, як пазначана на партале фінансавай справаздачнасьці.
«Хапаліся за кожную сфэру»
Бізнэс-імпэрыя Шакуціна ўключала некалькі дзясяткаў розных бізнэсаў. Часам гэта былі зусім розныя сфэры: машынабудаўніцтва, нерухомасьць, прадусаваньне, мэдычная тэхніка.
Напрыклад, праект «Шантэр Хіл» на сталічным праспэкце Пераможцаў Шакуцін пачаў будаваць яшчэ ў 2016 годзе. Гэта вялізны комплекс на 140 тысяч квадратных мэтраў. Пад гэты праект Шакуцін узяў кітайскі крэдыт на 120 мільёнаў даляраў, але так і ня змог яго скончыць. Цяпер комплекс, як паведамляюць мэдыя, ужо таксама не належыць Шакуціну.
Менавіта жаданьне Шакуціна займацца рознымі сфэрамі адначасова і стала адной з асноўных прычын праблемаў на «Амкадоры». Пра гэта кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін.
«Калі ты ўмееш рабіць пагрузьнікі, то вучысься іх рабіць лепей, чым усе астатнія ў сьвеце, і на гэтым зарабляць. А калі ты будуеш дамы, робіш зь сябе магната, то пачынаюцца праблемы. Кампанія ня можа быць эфэктыўнай ува ўсіх галінах. Калі ты займаесься машынабудаваньнем, факусуйся на машынабудаваньні. Хутчэй за ўсё, былі добрыя стасункі з Лукашэнкам і бачыліся нейкія пэрспэктывы, таму хапаліся за ўсе сфэры, за якія маглі, і не пацягнулі іх з гледзішча бізнэсу», — мяркуе Ўладзімер Кавалкін.
Таксама «Амкадор» прайграў канкурэнцыю кітайскім вытворцам і страціў магчымасьць набываць эўрапэйскія дэталі праз санкцыі, дадае Ўладзімер Кавалкін.
«Кітайцы наладзілі вытворчасьць той самай тэхнікі, таньнейшай і больш якаснай. Яна не падлягае санкцыям. Зараз прадпрыемства будзе як стратны калгас — будуць уліваць грошы, каб яно не памерла, але і жыць ня будзе. А даўгі ўжо кладуцца на плечы беларускіх платнікаў падаткаў», — даводзіць Уладзімер Кавалкін.
Цяпер у холдынг і надалей будуць укладацца дзяржаўныя рэсурсы, кажа Анастасія Лузгіна. То бок «ён будзе існаваць за кошт падаткаплатнікаў».
Паводле аднаго з аўтараў расьсьледаваньня пра «Амкадор» Уладзімера Жыгара, праблемы на гэтым прадпрыемстве — яскравы прыклад беларускай сыстэмы кіраваньня.
«Людзі — не прафэсіяналы, не спэцыялісты — атрымліваюць прадпрыемства, бо яны проста зручныя для Лукашэнкі. Гэтае прадпрыемства пачынае атрымліваць ад дзяржавы субсыдыі, хоць вынікаў няма ніякіх. Прадпрыемства жыве за кошт датацыяў і ў выніку застаецца з даўгамі. Амаль усе іхныя інвэстыцыйныя праекты праваленыя, велізарная колькасьць сродкаў пайшла на мадэрнізацыю, а толку ад гэтага не было ніякага», — падсумоўвае Ўладзімер Жыгар.
Што з «Амкадорам» цяпер
Цяпер прадпрыемства працуе як дзяржаўнае і ўваходзіць у дзяржаўны холдынг «БелАЗ». На сайце кампаніі паведамляюць, што завод выпускае 297 мадыфікацыяў машын, у тым ліку 218 самаходных. Гэта сельскагаспадарчыя, лясныя, камунальныя і будаўнічыя машыны. Холдынг усё яшчэ аб’ядноўвае 27 прадпрыемстваў, 19 зь іх заводы.
Нягледзячы на крызіс, кампанія працягвае наймаць супрацоўнікаў. Згодна зь яе сайтам, зараз шукаюць 32 спэцыялісты. Напрыклад, грузчыку абяцаюць 1360 рублёў на месяц, працаваць трэба 40 гадзінаў на тыдзень.
Вядучаму спэцыялісту ў карпарацыйным кіраваньні і каштоўных паперах гатовыя плаціць ад 1600 рублёў.
Паводле інфармацыі BelPol, летась у холдынгу налічвалася каля 7 тысяч супрацоўнікаў.
У адкрытых крыніцах няма інфармацыі пра тое, чым зараз займаецца колішні ўладальнік холдынгу Аляксандар Шакуцін. Публічна аб прэтэнзіях дзяржавы да яго таксама не было чуваць.
Форум