Агенцтва «Бюро» адзначыла, што «мясцовая раённая газэта анансуе запуск цэлай сеткі алькамаркетаў» пад брэндам «Дуб зялёны», расьсьледнікі вызначылі, што згаданая крама належыць кампаніі «Глаўгандальпрэд».
Сьцьвярджаецца, што на гэтую кампанію ў сакавіку 2025 году ў Пінску зарэгістравалі «яшчэ адзін алькапункт» «Дуб зялёны».
51% «Глаўгандальпрэду» знаходзіцца ва ўласнасьці [набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі прадпрымальніка] Аляксандра Зайцава. 49% фірмы запісаныя на Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК), які з 2021 году ўзначальвае старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.
«Праўда, колькі партнэры заробяць на новай алькагольнай сетцы, мы так і не даведаемся — уся бухгальтарская справаздачнасьць кампаніі засакрэчаная як падатковая таямніца згодна з пастановай Савету міністраў», — падкрэсьлівае «Бюро».
Акрамя «Дуба зялёнага», з 2021 году «Глаўгандальпрэд» валодае супэрмаркетам бязмытнага гандлю ў пункце пропуску Бераставіца (Баброўнікі) на мяжы з Польшчай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітры Шчыгельскі: Шэйман і Віктар Лукашэнка маюць прадстаўляць улады на «круглым стале» дзеля выхаду з палітычнага крызісуВіктар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам НАК 26 лютага 2021 году. Дагэтуль з 1997 года арганізацыю ўзначальваў Аляксандар Лукашэнка, які пакінуў пасаду пад ціскам міжнароднай спартовай грамадзкасьці падчас падзеяў 2020 году.
11 траўня 2025 году аб’яднаньне BelPol выпусьціла фільм-расьсьледаваньне аб дзейнасьці «Прэзыдэнцкага спартовага клюбу», у якім гаворыцца, што арганізацыя служыць узбагачэньню сям’і Лукашэнкі. Для гэтага выкарыстоўваюць розныя карупцыйныя схемы. Клюб у расьсьледаваньні назвалі «інструмэнтам легалізацыі атрыманага дыктатарам Лукашэнкам і ягонымі сямейнікамі хабару і ўхіленьня ад выплаты падаткаў».
«Прэзыдэнцкі спартовы клюб» заснаваны ў 2005 годзе, нязьменным кіраўніком арганізацыі застаецца Дзьмітры Лукашэнка — сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі. На сайце праекту сказана, што клюб займаецца «арганізацыяй маштабных спартовых спаборніцтваў, разьвіцьцём спартовай інфраструктуры, дабрачыннасьцю і выплатай імянных стыпэндыяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыніжаныя і адрынутыя. Алімпіяда, якая паказала сапраўднае стаўленьне сьвету да дыктатур Лукашэнкі і Пуціна