Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, што Ўкраіна трэці раз за апошнія некалькі дзён атакавала помпавую станцыю на нафтаправодзе «Дружба» ў Бранскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю.
«Пастаўкі сырой нафты ў Вугоршчыну зноў спынілі! Гэта чарговы напад на энэргетычную бясьпеку нашай краіны. Яшчэ адна спроба ўцягнуць нас у вайну. Гэта не спрацуе. Мы працягнем падтрымліваць намаганьні па дасягненьні міру і абараняць нашы нацыянальныя інтарэсы ўсімі сіламі», — напісаў Пэтэр Сіярта на сваёй старонцы ў Facebook.
Пацэльваньне ў помпавую станцыю пацьвердзіў камандуючы Сіл бесьпілётных сыстэм Украіны Робэрт Броўдзі. Паводле яго, бесьпілётнікі пацэлілі ў помпавую станцыю «Унеча» позна ўвечары 21 жніўня, а для яе аднаўленьня можа спатрэбіцца 48 гадзін.
Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз не згадаў гэты аб’ект у сваім паведамленьні аб украінскай атацы.
«19 варожых БПЛА самалётнага тыпу зьнішчылі сіла СПА Міністэрства абароны РФ ад Бранскай вобласьцю. Наступствы ўдакладняюцца. Апэратыўныя і экстранныя службы працуюць на месцы», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.
Пазьней ён паведаміў аб узгараньні «на аб’екце паліўнай інфраструктуры ва Ўнецкім раёне», якое адбылося «ў выніку адбіцьця камбінаванага ўдару [...] снарадамі HIMARS і рэактыўнымі бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі».
На сайце беларускага прадпрыемства ААТ «Гомельтранснафта Дружба» таксама адсутнічае паведамленьне аб спыненьні транспартаваньня нафты. Пасьля апошняга спыненьня паставак паведамлялася, што беларускія НПЗ маюць дзесяцідзённы запас нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вугоршчыне заявілі аб аднаўленьні паставак нафты з Расеі нафтаправодам «Дружба», які ідзе і празь БеларусьВугоршчына і Славаччына паскардзіліся на Ўкраіну ў Эўракамісію
Кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Вугоршчыны і Славаччыны зьвярнуліся ў Эўрапейскую камісію зь лістом, у якой патрабуюць гарантаваць бясьпеку паставак нафты па трубаправодзе «Дружба».
Як паведаміла дзяржаўнае расейскае тэлебачаньне, Вугоршчына і Славаччына просяць Эўракамісію «прымусіць Украіны адмовіцца ад удараў па гэтым нафтаправодзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома аб пашкоджаньні дронам помпавай станцыі на нафтаправодзе «Дружба» на мяжы зь Беларусьсю