Падаляк: Украіна гатовая да «замарожваньня» канфлікту па лініі фронту

Міхаіл Падаляк, архіўнае фота

Кіеў разглядае магчымасьць часовага спыненьня ваенных дзеяньняў па цяперашняй лініі фронту, але не прызнае акупаваныя тэрыторыі расейскімі.

Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк у інтэрвію італьянскай газэце La Repubblica.

«Папярэдняя пазыцыя Ўкраіны такая: мы разумеем, што адзін з асноўных сцэнароў выхаду з гэтай вайны — гэта замарожваньне канфлікту ўздоўж лініі фронту», — адзначыў Падаляк.

Ён удакладніў, што тэрыторыі, якія сёньня акупаваныя Расеяй, застануцца такімі «дэ-факта». Пры гэтым Украіна гатова пайсьці на замарожваньне канфлікту толькі на такіх умовах.

«Затым пачнецца вялікая праца з выкарыстаньнем эканамічных, дыпляматычных і іншых інструмэнтаў, каб вярнуць гэтыя тэрыторыі Ўкраіне. Але дэ-юрэ яны застануцца ўкраінскімі», — падкрэсьліў дарадца.

Ён дадаў, што ніхто не прызна́е гэтыя тэрыторыі расейскімі «дэ-юрэ», і перадача тэрыторыяў агрэсару забароненая ў тым ліку канстытуцыяй Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністарка абароны Чэхіі: «Найлепшай гарантыяй бясьпекі для Ўкраіны магло б стаць сяброўства ў NATO і ЭЗ»


Падаляк лічыць, што ўрэгуляваньне канфлікту павінна ўключаць

  • значнае ўмацаваньне Ўзброеных сілаў Украіны,
  • павелічэньне вытворчасьці зброі,
  • павелічэньне вайсковага бюджэту Эўропы.
  • забесьпячэньне Злучанымі Штатамі Амэрыкі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны.


«І Вялікая Брытанія, і Францыя заявілі: мы будзем гатовыя адправіць кантынгенты, калі амэрыканцы забясьпечаць прыкрыцьцё з паветра», — сказаў Падаляк.

Найважнейшым элемэнтам гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны ён лічыць разьмяшчэньне на яе тэрыторыі ракетаў з далёкасьцю палёту да 2000 км, якія могуць дасягнуць эўрапейскай часткі РФ.

«Расеі трэба ведаць, што тут ёсьць ня толькі ракеты малой далёкасьці, але і сярэдняй і сярэдне-вялікай», — растлумачыў дарадца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі настойваюць на ўдзеле ў гарантыях бясьпекі для Ўкраіны. У Кіеве адказалі

Разам з тым, Падаляк перакананы, што Расея не зацікаўленая ў сапраўдных перамовах. Ён лічыць, што Пуцін па-ранейшаму жыве ў савецкай парадыгме і лічыць Украіну сваёй сфэрай уплыву.

«Для Пуціна важны прававы статус гэтых тэрыторыяў. Прызнаньне іх за ім зьняло б абвінавачваньне ў ваенных злачынствах», — кажа Падаляк.

«Акрамя таго, у Пуціна павінен быць хоць бы адзін „замарожаны“ канфлікт — гэтак Расея застанецца мілітарызаванай і аўтарытарнай краінай», — лічыць палітык.

Міхаіл Падаляк — дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага. Ён з’яўляецца ключавой фігурай у дзяржаўнай камунікацыі і часта выступае з афіцыйнымі заявамі ад імя ўкраінскіх уладаў.

З 1989 да 2004 году ён жыў у Беларусі, працаваў журналістам у незалежных выданьнях і ўрэшце за свае артыкулы і быў дэпартаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Фонду абароны дэмакратый: Пуцін хоча атрымаць за сталом перамоваў тое, чаго ня змог дамагчыся за тры гады вайной