«Ён паспрабаваў гаварыць па-беларуску». Гісторыя каханьня беларускі, якая пераехала ў Аргентыну

Палац у Буэнас-Айрэсе. Фота з прыватнага архіву Ксеніі, гераіні публікацыі

Беларуска Ксенія пераехала ў Аргентыну і зьбіраецца замуж за аргентынца. Пра тое, як ёй зрабілі прапанову, як яна карыстаецца тэлефонам на вуліцы і як ейны бел-чырвона-белы сьцяг ледзь ня стаў прычынай канфлікту з каханым, яна расказала Свабодзе.

Беларуска Ксенія* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля ейнай бясьпекі. — РС) зьехала зь Беларусі разам зь сям’ёй пасьля 2020 году. Ёй каля 40. Працуе дыстанцыйна ў сфэры паслугаў, гадуе дваіх дзяцей. Некалькі гадоў яна пражыла ў Грузіі. Паўгоду таму беларуска з двума дзецьмі пераехала ў Аргентыну, у Буэнас-Айрэс. Кажа, што большасьць імігрантаў жывуць менавіта там.

Ксенія прызнаецца, што пераяжджала дзеля адукацыі старэйшай дачкі. Тая вырашыла паступаць ва ўнівэрсытэт на кірунак «Анімацыя». Яна хацела б вучыцца і жыць у ЗША, але пакуль гэта складана. Аргентына стала першай прыступкай. У Грузіі такога кірунку не было. Да таго ж там у большасьці ўнівэрсытэтаў выкладаюць па-грузінску, а гэтую мову дзяўчына ня ведае. У Аргентыне дапамагае веданьне ангельскай.

Маці вырашыла, што аплочваць жытло ў дзьвюх краінах надта дорага, а таксама што эміграцыю лягчэй перажываць разам. Яшчэ адна прычына пераезду ў тым, што ў Грузіі складана было атрымаць розныя дакумэнты, у тым ліку дазвол на жыхарства. Таму сям’я поўным складам перабралася ў Паўднёвую Амэрыку.

Калі яны пераяжджалі, для мігрантаў у Аргентыне былі адны з найлепшых умоваў легалізацыі ў сьвеце. Чалавек мог хутка атрымаць аргентынскае грамадзянства, калі ягонае дзіця нарадзілася ў Аргентыне або калі адбыўся шлюб з аргентынцам. Яшчэ адной падставай для атрыманьня пашпарту было пражыць два гады ў гэтай краіне. Сёлета ўвесну, пасьля вялікага наплыву расейцаў, Аргентына абмежавала гэтыя ўмовы. Цяпер усім кандыдатам трэба пражыць у краіне два гады з дазволам на жыхарства.

«Для многіх людзей гэта стала шокам, бо яны жылі без дакумэнтаў (без дазволаў на жыхарства. — РС), і зараз гэты тэрмін прападае», — камэнтуе суразмоўца.

Беларуская сям’я зьвярнулася па дазвол на жыхарства, падстава — вучоба старэйшай дачкі. Рашэньня яшчэ чакаюць. Ксенія адзначае, што найбольш складаным у пакеце дакумэнтаў для дазволу на жыхарства было атрымаць даведку аб нясуджанасьці ў Беларусі. Урэшце яе зрабілі праз генэральную даверанасьць на блізкіх.

Аўтобус у Буэнас-Айрэсе (усе фота ў публікацыі з прыватнага архіву гераіні матэрыялу)

Высокая камісія рыэлтару і памяшканьне для прыслугі

Сям’я Ксеніі, расказвае яна, пасялілася ў Буэнас-Айрэсе. Здымаюць кватэру з трыма спальнямі і гасьцёўняй за паўтары тысячы эўра ў месяц. Зьняць жытло было складана. Бязь веданьня гішпанскай мовы трэба было зьвяртацца да рыэлтараў. Тыя ж бяруць вялікія камісіі. Ксенія зьвярнулася адразу да некалькіх фірмаў.

«Мы заплацілі толькі аднаразовую камісію — 700 даляраў. Нам параўнальна пашчасьціла. Бывае, камісія даходзіць да памеру дзьвюх платаў за месяц. Калі аднаўляеш кантракт, некаторыя рыэлтары заяўляюць, што трэба зноў плаціць камісію», — заўважае яна.

Іхнае жытло, з словаў суразмоўцы, месьціцца ў досыць бясьпечным і прыгожым раёне з паркам. У аргентынскіх дамах, расказвае Ксенія, шмат непрывычных эўрапейцам рэчаў.

«Мы глядзелі адну кватэру. Яна вельмі вялікай плошчы. Шмат дадатковых памяшканьняў. Бо ў залатыя часы Аргентыны ўласьнікі кватэры мелі прыслугу. Для жытла будавалі трэці і нават чацьвёрты пакоі, невялікія пакойчыкі. Цяпер сытуацыя памянялася, а памяшканьні засталіся. Яны не ацяпляюцца. Там вельмі халодна ў нялетнюю пару», — расказвае Ксенія.

У аргентынскіх кватэрах няма на ўваходзе прасторы, дзе пакідаюць абутак і верхнюю вопратку, бо дома не разуваюцца, а кожны распранаецца ўва ўласным пакоі, расказвае эмігрантка. Ксенія кажа, што сама арганізавала вітальню ў сваёй кватэры. Краты ліфтоў пры ўваходзе і выхадзе чалавек мае адсоўваць сам, аўтаматычна яны не адсоўваюцца.

У старых дамах, працягвае Ксенія, шмат прусакоў. Але ў гэтай кватэры іх няма. У доме іх труцяць штомесяц. Гэтым займаецца кансьерж. Такі чалавек ёсьць у кожным доме.

«Вельмі паважаны чалавек. Пасада, якая можа перадавацца ў спадчыну. Звычайна ён жыве ў гэтым жа доме. Ён — цэнтар дому», — расказвае Ксенія.

У многіх прыватных дамах, асабліва ў прадмесьці або за горадам, на вокны ставяць краты, бо здараюцца крадзяжы, заўважае суразмоўца.

Без тэлефону на вуліцы

Агулам Ксенія пачуваецца ў Аргентыне ў большай небясьпецы, чым раней.

«Тут не пагуляеш свабодна, як у Грузіі, дзе я магла ў любы час выйсьці, па набярэжнай пашпацыраваць. Або калі ў горадзе заблукала, не баялася, што некуды не туды зайду. Тут ёсьць раёны, куды нават удзень непажадана заходзіць. Могуць напасьці і забраць усё, што можна забраць. Тэлефон, гаманец. Хутчэй за ўсё цябе не заб’юць там. Ёсьць трушчобы, дзе ня проста беднасьць, а галеча. Паліцыя туды нават не заходзіць», — тлумачыць яна.

Графіці ў Буэнас-Айрэсе.

Ёсьць раёны, дзе ўдзень адносна спакойна, але ў прыцемках туды лепей не хадзіць, працягвае Ксенія. У сваім раёне яна пачуваецца адносна бясьпечна ў любы час.

«Прывыкаеш, што тэлефонам на вуліцы не карыстаесься свабодна. Трэба пакласьці тэлефон і гаманец ня проста ў торбу, а ў нейкае надзейнае месца, якое глыбока і пастаянна кантралюеш. Бо могуць непрыкметна выцягнуць, калі прабягаюць або праяжджаюць на матацыкле», — дадае яна.

У аўтобусе, расказвае Ксенія, яна можа дастаць тэлефон толькі падчас руху. Калі аўтобус спыняецца, тэлефон трэба схаваць, бо на прыпынку яго могуць выхапіць з рук і зьбегчы. Аднойчы беларуска была сьведкаю такой сытуацыі. Яна кажа, што з часам у яе выпрацавалася інтуіцыя на такіх падазроных людзей. Зь імі яна паводзіцца больш асьцярожна.

На шпацыры

Павага да чэргаў

Пры гэтым большасьць аргентынцаў, мяркуе беларуска, вельмі добразычлівыя, цёплыя, шчырыя, ветлівыя людзі. Яна не баіцца, што яе няправільна разьлічаць у краме.

«Наадварот, яны аддадуць лішнюю рэшту, калі ты замнога даў. У мяне такое было шмат разоў», — успамінае яна.

Калі яна ня хоча кантактаваць, то мясцовыя жыхары ня будуць навязвацца, тлумачыць Ксенія, а захаваюць дыстанцыю, адрозна ад грузінаў, якія пакрыўдзяцца, калі зь імі, прыкладам, ня сядзеш за стол.

На рынку ў Буэнас-Айрэсе

«Аргентынцы могуць падысьці на вуліцы і сказаць, якая ў цябе прыгожая сукенка — проста таму, што ім спадабалася», — дадае яна.

Ксенія чуе шмат пахвалы ад мясцовых ня толькі для прыежджых, але для ўсіх. Мяркуе, што людзі робяць гэта шчыра. Паводле назіраньняў беларускі, аргентынцы вельмі арганізаваныя, любяць парадак.

«Перад аўтобусам яны выстройваюцца ў чаргу загадзя, каб не ствараць натоўпу. Яны вельмі захоўваюць чэргі», — кажа яна.

Беларусы сярод іншых мігрантаў

На думку Ксеніі, да беларусаў у Аргентыне ставяцца таксама добра. Але людзі там асабліва не адрозьніваюць беларусаў, украінцаў і расейцаў.

«Для іх гэта ўсё „рускія“», — падсумоўвае яна.

Яна сама часта называецца як «славянка». Пра сытуацыю ў Беларусі аргентынцы ведаюць няшмат, кажа эмігрантка. Некаторыя чулі прозьвішчы Пуціна і Лукашэнкі, ведаюць пра вайну ва Ўкраіне.

«Але яны настолькі далёкія ад усяго гэтага, для іх гэта ня мае нейкай асабістай афарбоўкі, адрозна ад Грузіі», — кажа Ксенія.

У цягніку

У такім няведаньні ёсьць і перавагі, дадае яна, бо аргентынцы не выказваюць пагарду толькі за тое, што чалавек паходзіць зь Беларусі, як маглі зрабіць грузіны.

«Тут намяшана ўсяго — і эўрапейскай крыві. Тут няма стаўленьня „горш-лепш“. У іх добрая самаацэнка, яны сябе вельмі цэняць, але да іншых нацыянальнасьцяў ня ставяцца кепска. Хутчэй зь цікаўнасьцю, інтарэсам, натхненьнем, калі ўдаецца пакамунікаваць, папрактыкаваць ангельскую. Тут вельмі шмат іншаземцаў з розных краінаў, таму мы ня надта вылучаемся, як, прыкладам, у Грузіі, дзе мы былі заўважныя», — кажа суразмоўца.

За час жыцьця ў Аргентыне Ксенія сустрэла ўсяго некалькі беларусаў. Пра дзейнасьць беларускай дыяспары яна ня ведае, хоць у сацыяльных сетках бачыла групу «Беларусы ў Аргентыне». Часьцей яна сустракала ўкраінцаў, якія пераехалі 15-20 гадоў таму.

На прыродзе

Бясплатная адукацыя

У Аргентыне ёсьць бясплатная сярэдняя і вышэйшая адукацыя.

«Тут досыць добрая адукацыя і вельмі шырокі выбар сучасных спэцыяльнасьцяў», — мяркуе Ксенія.

Малодшая дачка вучыцца ў бліжэйшай да дому школе. У школу бяруць усіх, хто пасуе ўзростам, нягледзячы на дакумэнты і нацыянальнасьць. Навучаньне на гішпанскай мове, якой дзяўчына ня ведала. Ёй было цяжэй адаптавацца. Але ўдалося падабраць адпаведную плаўную праграму.

«Цяпер мы агулам даем рады. Хоць ня так хутка і аўтаматычна ўсё адбываецца», — кажа маці.

Школьнае сьвята

Старэйшая дачка Ксеніі абрала платную ВНУ, хоць ёсьць і бясплатныя ўнівэрсытэты. Навучаньне там каштуе адносна няшмат — 300 даляраў у месяц.

Ксенія вучыць гішпанскую мову самастойна: глядзіць ролікі ў YouTube, кантактуе зь мясцовымі, чытае і перапісвае тэксты.

«За паўгоду я магу камунікаваць на базавым узроўні, патлумачыць, што мне трэба. Далей буду асвойваць лепей, каб нармальна камунікаваць, на курсах або з выкладчыкам», — кажа яна.

Прапанова выйсьці замуж па-беларуску

У Буэнас-Айрэсе Ксенія пазнаёмілася праз сайт знаёмстваў з аргентынцам. Яны сустракаюцца. І ён ужо пасьпеў зрабіць беларусцы прапанову выйсьці замуж. Беларуска тлумачыць, што стаўленьне да адносінаў у эўрапейскай і паўднёваамэрыканскай культурах адрозьніваецца.

«Калі ў нас вы пачынаеце сустракацца, тым больш спаць (разам), само сабой зразумела, што вы сустракаецеся, што вы разам як хлопец і дзяўчына. Тут пакуль у цябе не запыталіся, ці ты хочаш, каб мы былі хлопцам і дзяўчынай, нават калі прайшло тры гады і вы разам даўно, аказваецца, гэта нічога ня значыць, пакуль не прагаварылі, што вы цяпер афіцыйна хлопец і дзяўчына», — кажа суразмоўца.

Ейны бойфрэнд задаў гэтае пытаньне на першым спатканьні.

«Яны выразныя. Не шкадуюць казаць шмат прыемных словаў. Яны больш тактыльныя. Калі сустракаюцца аргентынцы і аргентынкі, кожны плаціць сам за сябе. Мой хлопец паглядзеў, як у нас прынята заляцацца, што за мяне трэба плаціць, што мне трэба прынесьці кветкі, цукеркі, каб кветак была няцотная колькасьць. Таму ён адразу са мной стараўся ўлічыць гэты кантэкст», — расказвае пра адносіны беларуска.

У тэатры

Прапанову выйсьці замуж малады чалавек зрабіў Ксеніі пасьля таго, як яны схадзілі ў тэатар. Ён стаў на калена і падарыў ёй пярсьцёнак.

«Ён спрабаваў гаварыць па-беларуску. Сказаў фразу „Ці ты згодная стаць маёй жонкай?“ Слова „жонка“ у яго не атрымлівалася сказаць, атрымалася ледзь не непрыстойнае слова. Потым ён сказаў па-ангельску, і я пацьвердзіла, што я слушна зразумела. Гэта зноў проста пэўны статус. Мы не сьпяшаемся жаніцца, рабіць вясельле. Можа праз год. Мы зьбіраемся жыць разам», — дзеліцца беларуска.

Яна пагадзілася выйсьці замуж. Акрамя афіцыйнага шлюбу, у Аргентыне можна падпісаць дамову аб тым, што пара жыве разам. Гэтая дамова ня мае сілы за мяжой, але ўнутры краіны палягчае бюракратычныя працэдуры.

Ксенія заўважае, што яшчэ ў 1970–80-х гадах у Аргентыне не было разводаў як юрыдычнай працэдуры.

«Дагэтуль да шлюбу яны прыходзяць вельмі-вельмі позна і ў крайнім выпадку. Дагэтуль для іх гэта вельмі дорага і складана. Жэняцца вельмі рэдка. Часьцей жывуць у грамадзянскім саюзе», — зьвяртае ўвагу Ксенія.

Паводле яе, у Аргентыне бацькі ня ціснуць на дзяцей, каб хутчэй ажаніліся ці хутчэй нарадзілі дзяцей. Жанчыны там рэдка бяруць прозьвішча мужа. Калі ў жанчыны і мужчыны аднолькавае прозьвішча, пра іх могуць падумаць, што яны брат і сястра.

Падпрацоўка нянькай

У Аргентыне Ксенія працягнула сваю ранейшую працу. Але яна плаціць за жытло больш, і давялося шукаць падпрацоўку. Супрацоўнічае зь людзьмі ў Эўропе, таму праз розьніцу ў часе можа працаваць толькі ў пэўныя гадзіны.

Рэшту часу яна падпрацоўвала нянькай у дзяцей. Кажа, што была да гэтага гатовая і не перажывала гэта як страту сацыяльнага статусу. Была гатовая пайсьці мыць посуд, але гэтых грошай не хапіла б на ўтрыманьне.

Вулічная ежа ў Буэнас-Айрэсе

«Гэта мне дало стабільнасьць, супакоіла. Было нават карысна пераключыцца на іншую дзейнасьць і адчуць, што я маю іншыя магчымасьці. Я надумала, што магу выкладаць расейскую мову іншаземцам, калі вывучу гішпанскую… Цяпер усё больш-менш выраўнялася. Але ўсё адно адчуваецца, што жыцьцё стрэсавае, бо штомесяц спачатку трэба выплаціць арэнду. Усё пайшло ня так лёгка, як хацелася б», — кажа яна.

Беларусцы дапамагалі ў гэтай сытуацыі гісторыі пасьпяховых, паважаных людзей, якія ў пачатку эміграцыі займаліся простай фізычнай працай, але працягвалі разьвівацца.

Мэдыцына ў краіне бясплатная. Сям’я Ксеніі яшчэ не сутыкалася з гэтай сыстэмай. Яны стараюцца добра харчавацца і адпачываць, каб мацаваць імунітэт і не хварэць.

Схема для танга ў горадзе

Каб адпачыць, усёй сям’ёй выходзяць на прыроду, у паркі. Гэта дзякуючы цёпламу клімату распаўсюджаны спосаб адпачынку. Ёсьць шмат спартовых пляцовак. У горадзе ладзяць бясплатныя імпрэзы, якія дазваляюць разьвеяцца, калі бюджэт абмежаваны.

Адрозьненьні ў ежы, якія Ксенія заўважае ў Аргентыне, — гэта брак грэчкі, сьмятаны і тварагу, хоць Аргентына вядомая каровамі і якаснай ялавічынай.

«Мяса, праўда, вельмі смачнае. Можна нічога зь ім не рабіць. Бярэш, смажыш — і яно мяккае, сакавітае», — кажа беларуска.

Смажанае мяса

На новым кантынэнце ёй не хапае прывычных рэчаў, прыкладам, накоўдранікаў. Іх там няма, людзі сьпяць пад прасьцінай.

Бел-чырвона-белы сьцяг «ворагаў»

Ксенія прызнаецца, што яна стала больш адчуваць сябе беларускай менавіта за мяжой.

«Мне падабаецца расказваць пра Беларусь. Многія ўвогуле ня ведаюць пра яе. Але калі даведваюцца, то зь цікавасьцю распытваюць. Мне падабаецца гатаваць беларускія стравы. Раней я не магла ўявіць, што буду ставіць закаткі, а цяпер думаю, як бы навучыцца гэта рабіць. Калі мы сустракаемся з аргентынскімі сябрамі, то гатуем нашае: дранікі, халаднік, боршч», — кажа яна.

Ксенія расказвае аргентынцам пра беларускі сьцяг, складанасьці зь беларускай мовай, гісторыю. Ейны бойфрэнд заўзее за аргентынскі футбольны клюб, а футбол — важная частка аргентынскага жыцьця, заўважае яна. Так супала, што ў каманды-суперніка яе партнэра — бел-чырвона-белы сьцяг.

«Ён не прымае гэтага спалучэньня. Гэта сьцяг „ворагаў“. Калі я сказала, што для мяне значыць гэты сьцяг, для яго было дасягненьнем, што ён гэтае спалучэньне колераў прызнаў як маю каштоўнасьць», — адзначае Ксенія.

Самым складаным для яе ў пераезьдзе праз акіян стала адчувальная дыстанцыя, калі сустрэцца з роднымі і сябрамі няпроста. Накладае адбітак і розьніца ў клімаце і часе.

На вуліцы Буэнас-Айрэсу

Ксенія кажа, што пры гэтым яна не шкадуе, што пераехала. Думае, што ўсё адно яна б зьехала жыць кудысьці далей ад Беларусі, нават калі б ня здарыўся 2020 год, бо яе так цягнула. Далейшае жыцьцё беларуска плянуе ў Паўднёвай Амэрыцы.

«Я б хацела бываць у Беларусі. Я б хацела з сваім хлопцам езьдзіць у Беларусь. Але ўсё адно я пляную сваё жыцьцё ня там», — падсумоўвае яна.