Іран і Беларусь скасуюць візы для турыстаў і запусьцяць тры авіярэйсы паміж краінамі

Масуд Пэзэшкіян і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 20 жніўня 2025 году

Выглядае, што беларуска-іранскія перамовы былі плённымі.

Іран і Беларусь дамовіліся аб скасаваньні візавых патрабаваньняў для турыстаў у рамках намаганьняў паглыбіць эканамічныя і палітычныя адносіны, піша PressTV.ir.

Міністар турызму Ірану Рэза Салехі Аміры паведаміў, што пагадненьня аб скасаваньні візаў зь Беларусьсю канчаткова дасягнулі на перамовах, якія адбыліся раней у той жа дзень у Менску паміж прэзыдэнтам Ірану Масудам Пэзэшкіянам і Аляксандрам Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падтрымаў права Ірану на ядзерную праграму і назваў санкцыі «эканамічным тэрарызмам»

Салехі Аміры адзначыў, што бакі таксама дамовіліся адкрыць беспасярэднія авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам для павелічэньня колькасьці турыстычных паездак. Паводле яго, праграма бязьвізавых паездак і новыя авіярэйсы значна ўмацуюць культурныя і турыстычныя сувязі паміж Іранам і Беларусьсю.

Паводле агенцтва IRNA, авіяцыйныя ўлады Ірану і Беларусі дамовіліся аб запуску паміж дзьвюма краінамі трох простых рэйсаў у тыдзень.

Гэтыя дамоўленасьці сталі часткай 12 мэмарандумаў аб узаемаразуменьні, падпісаных паміж Іранам і Беларусьсю пасьля сустрэчы Пэзэшкіяна і Лукашэнкі 20 жніўня. Сярод іх таксама ёсьць пагадненьне паміж Нацыянальнай авіяцыйнай адміністрацыяй Рэспублікі Беларусь і Ўпраўленьнем цывільнай авіяцыі Ісламскай Рэспублікі Іран.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візыт у няёмкі час: што стаіць за прыездам прэзыдэнта Ірана ў Менск? Аналіз Валера Карбалевіча